Дзмітры ГулецкiПомнікі працы майстроў Віленскае мынцы пачатку XVI стагоддзя: аспекты вытворчасці

Дзмітры Гулецкi

Сябра
ГА «Беларускае
нумiзматычнае
таварыства».

 

* друкуецца на мове прадстауленнага аутарам арыгiнала з захаванем стылю и арфаграфii.

 

           1. Паўгрошы Жыгімонта Старога як асноўны сродак гандлю ў Вялікім княстве Літоўскім у першай палове XVI стагоддзя. Іх курсаванне на тэрыторыі краіны і за мяжой

Пачатак XVI стагоддзя, якое сталася стагоддзем рэнесансу, асветніцтва і рэфармацыі на тэрыторыі Беларусі, вызначыўся для Вялікага княства Літоўскага цяжкімі вайскова-палітычнымі выпрабаваннямі. У апошнія гады праўлення Аляксандра пашырыліся набегі крымскіх татараў Менглі-Гірэя на паўдёвыя і паўднёва-заходнія землі краю, агрэсіўную захопніцкую палітыку на ўсходзе праводзіў маскоўскі князь Іван Трэці. У 1506 годзе, знаходзячыся ў Лідзе і будучы цяжка хворым, вялікі князь склаў дастамент, дзе абвясціў малодшага брата, Жыгімонта Казіміравіча, сваім спадкаемцам на літоўскім пасадзе. Калі вестка аб смерці Аляксандра дасягла Глогава ў Сілезіі, дзе на той час князяваў Жыгімонт, апошні ў жніўні гэтага ж году рушыў на радзіму, дзе сустрэўся з найважнейшымі службоўцамі ВКЛ у Горадні і Вільні. Як вядома, паводле уній паміж Каронай Польскай і Вялікім княствам Літоўскім, кароль і вялікі князь мусіў абірацца з нагоды адабрэння сваёй асобы прадстаўнікамі абодвух бакоў. Адлі, ужо 20 лістапада літоўскія паны-рада без згоды польскае кіроўнае эліты абвесцілі Жыгімонта Казіміравіча вялікім князем. Гэтым паказвалася іх адмоўнае стаўленне да навязванага праз палякаў аб'яднання. Апошнім заставалася ў спешным парадку, 8 снежня, назваць літоўскага князя, які ўвайшоў у гісторыю як Жыгімонт Стары, польскім каралём.

У гэты дзень Жыгімонт знаходзіўся ў Горадні, дзе яму здаваў лічбу Віленскае мынцы яе дзяржаўца князь Міхайла Глінскі. Як добры гаспадар, новы вялікі князь у першую чаргу прыняў рахункі з важнейшых жаролаў дзяржаўнага даходу - мынцы і васкоўні. Краіна была добра забяспечаная манетай, таму, падзякаваўшы трыюмфатару Клецкае бітвы за службу, Жыгімонт часова замкнуў мынцу.

Наноў яе адамкнуць было пастаноўлена на чэрвеньскім сойме 1508 года ў Наваградку. Новым дзяржаўцам мынцы стаў хрышчаны габрэй з Берасця Абрам Езафовіч, які працаваў у звязцы з Ульрыкам Гозэ з Кракава. Яны і распачалі біццё новых літоўскіх паўгрошаў, якое цягнулася безперапынна да 1529 году. Асабліва напачатку паўгрошы выбіваліся ў аграмадных колькасцях, што абумовіла іхні шырокі распаўсюд па абшарах ВКЛ. На доўгі час паўгрош стаў паноўнай грашовай адзінкай і сродкам гандлю ўсяе дзяржавы. Другім важным рашэннем наваградскага сойму было наданне сталага курсу паўгрошу польскаму, які быў прыраўняны да 4 пенязяў літоўскіх, у той час як паўгрош літоўскі месціў 5 пенязяў. Гэта, безумоўна, паспрыяла першаму заўважнаму пранікненню польскае манеты на землі ВКЛ.

У гэты час на Беларусі моцна падвышаецца ровень таваравытворчасці. Працягваецца інтэнсіўны рост гарадоў, чаму спрыяе ўлада праз ільготы і прывілеі для жыхароў, што жадалі займацца рамёствамі. Галоўны сродак гандлю ў краіне ў XV стагоддзі - праскі грош - паступова страчвае свае пазыцыі, бо з пачаткам гусіцкіх войнаў у Чэхіі перапыніўся імпарт гэнае манеты ў ВКЛ. Апошнія вялікія партыі, што траплялі сюды, былі выбітыя за Вацлава Чацвёртага, панаванне якога скончылася ў 1419 годзе. За такі доўгі час грошы гэтага ўладара, і так нестаранна бітыя, страчвалі не толькі сваё аблічча, але і меншалі ў вазе. Таму, ужо неўзабаве пасля пачатку эмісіі, віленскія паўгрошы апанавалі ўсе сферы жыццядзейнасці ў нашай краіне. Гэтыя манеты беспярэчна дамінуюць ў скарбах першае паловы XVI стагоддзя ад Падляшша да Смаленшчыны. Падобную ж пазыцыю займалі яны і на Украіне. Манетны інтэрнацыянал, які курсаваў там у XV стагоддзі, а гэта джучыдскія, італьянскія, бізантыйскія, кіеўскія, галіцкія, вугорскія манеты і нават збольшага пражскія грошы - цалкам саступае сваё месца на карысць літоўскага паўгроша. Паўгрошы польскія таксама маюць тут распаўсюджанне, але толькі на захадзе краіны, у той час як літоўскія сустракаюцца ў скарбах па ўсёй тэрыторыі.

Арэал шырокага курсавання паўгрошаў амаль абмяжоўваецца землямі ВКЛ. У Польшчы скарбы пачатку XVI стагоддзя, якія іх месцяць, складаюць сціплую частку з памежных з ВКЛ тэрыторыяў - у вузкім поясе ад Падолля да Мазовіі. У нязначнай колькасці сустракаюцца паўгрошы ў скарбах сучасных Латвіі і Эстоніі. Дзеля метралагічнай несумяшчальнасці, натуральна, не былі яны шырока распаўсюджаныя і ў Маскоўскай дзяржаве. Трапілі паўгрошы і ў "далёкае" замежжа, а наймя ў Сяміграды, Славаччыну, Малдову, але ўжо ў канцы XVI стагоддзя, калі з абраннем на велікакняскі пасад Сцяпана Батуры, пашырыўся адток польскае і літоўскае манеты ў гэтыя землі. Знаходкі літоўскіх паўгрошаў у іншых краінах носяць хіба выпадкавы характар.

2. Арганізацыя працы Віленскае мынцы ў 1508--1529 гадах

Наваградскі сойм 1508 года, пастанавіўшы выбіваць літоўскую манету па даўняй стапе, адпрэчыў імкненне палякаў да поўнае грашовае уніі. У тым жа годзе Віленская мынца была арганізаваная Ульрыкам Гозэ і пачала сваю дзейнасць пад кіраўніцтвам Абрама Езафовіча. Вядомыя і два тэхнолагі манетнае вытворчасці (мынцмайстры) - ліцьвін Андрэй Ціхі з Вільні і немец Генрык Шлёгер. Падскарб'і Хведар Храптовіч, а затым Богуш Багавіцінавіч не кантралявалі працы мынцы.

Нас найболей цікавяць мясцовыя кадры, якія працавалі ў вытворчасці манетаў. Падобна, што ім была адведзеная роля майстроў ніжэйшага рангу, у той час як штэмпелі рэзалі майстры-немцы. Такая практыка, дарэчы, была звычайнай і ў суседняй Польшчы. Да таго ж праца разьбяра штэмпеляў вымагала б ад ліцьвіна неабыякой адукаванасці, бо легенды наносіліся не на звыклай яму дзяржаўнай старабеларускай мове, а на лаціне. У той жа час вялікая колькасць памылак у размяшчэнні літараў у словах легенды можа сведчыць якраз аб тым, што вучні майстра-гравера (а нанясенне гэтых элементаў на штэмпель выконвалі менавіта яны) не былі добра знаёмыя з лацінскім пісьмом. Таму магчыма прыпісаць гэтыя пасады нашым суайчыннікам. Вышэйзгаданы Андрэй Ціхі, вядомы таксама з арганізацыі васкоўняў і мытняў, далей займаў высокую пасаду ў мынцы і спецыялізаваўся на забяспечанні і падрыхтоўцы манетнага срэбра.

У наступным годзе Езафовіч змяніў Багавіцінавіча на пасадзе вялікага падскарб'я літоўскага (міністра фінансаў), якую і займаў да сваёй смерці ў 1519 годзе. Ён жа сумесна з Гозэ кіраваў працай мынцы. Яна прыносіла неблагі прыбытак, а наймя 53 паўгрошы з кожнае грыўні чыстага срэбра па звестках на першую палову 1509 года.

Па смерці Езафовіча пасаду падскарб'я ізноў заняў Багавіцінавіч, а аднаасобным кіраўніком і дзяржаўцам мынцы застаўся Гозэ. Навязаны польскім бокам эдыкт 1515 года, які раўнаваў у правох польскі і літоўскі паўгрошы, ніколі не выконваўся ўсур'ёз у жыцці, бо быў відавочна бессэнсоўны, але прычыніўся да замяшання фінансавае сыстэмы ВКЛ. Ён, разам з падаражэннем срэбра, вёў да штогадовага змяншэння прыбытку ад біцця віленскіх паўгрошаў. У 1528 годзе была адчыненая новая мынца ў Таруні, якая мела біць грошы па польскай стапе, што адпавядала планам палякаў аб уніфікацыі грашовых сыстэмаў. З гэтых прычынаў у 1529 годзе было пастаноўлена віленскую мынцу зачыніць, што азначала канец 21-гадовага перыяду біцця тут літоўскіх паўгрошаў.

3. Тэхніка і дэфекты біцця манетаў

На пачатку XVI стагоддзя адзіная мынца Вялікага княства Літоўскага карысталася заходнімі методыкамі біцця манеты, якія вынаходзіліся ў Нямеччыне, Італіі, Францыі, а пасля пераймаліся нашымі мынцмайстрамі без пасярэдніцтва польскіх тэхнолагаў. Часта на найважнейшыя пазыцыі запрашаліся самыя адмыслоўцы з-за мяжы, амаль вылучна немцы.

Тэхналогія падрыхтоўкі манетнага срэбра заставалася нязменнай праз доўгія часы. Коратка паслядоўнасць дзеянняў можна апісаць наступным чынам. Срэбнае ламаццё рознага кшталту ператаплялася ў агульнай печы, пры гэтым з дапамогай пэўных методык ад яго аддзяляліся прымешкі іншых коваў. Атрыманае чыстае срэбра легавалася меддзю да азначанае ардынацыяй пробы. Гэты працэс жорстка кантраляваўся вардайнам - дзяржслужбоўцам, непадначаленым кіраўніцтву мынцы. Срэбра патрэбнае якасці адлівалася ў пруткі. Вышэйзгаданы тэхпрацэс мог адбывацца і па-за межамі мынцы, забяспечваючы апошнюю, як і іншых замоўцаў, унармаванымі па вазе і пробе пруткамі кову.

Далей пруткі раскоўваліся ў пласткі срэбра да таўшчыні будучае манеты. Гэты працэс быў вельмі працаёмкі, бо ў згаданым выпадку біцця паўгрошаў ад дакладнасці такой аперацыі цалкам залежала вага манеты. У першай чвэрці XVI стагоддзя быў вынайдзены валцавальны варштат, што сталася рэвалюцыйнай тэхналогіяй, але ж абсалютна неверагодна, каб ён выкарыстоўваўся ў Віленскай мынцы для біцця паўгрошаў Жыгімонта Старога. Затое вядома, што наступная аперацыя выконвалася не самаруч, а на высокатэхналагічнай прыладзе таго часу. Раскаваныя і разрэзаныя стужкі срэбра падаваліся на прабойнік - механічнае прыстасаванне для выцінання манетных кружкоў. Вынаходніцтва гэтага варштату звязваецца з імем Леанарда да Вінчы (1452--1519). Выкажу меркаванне, што прабойнік быў уведзены ў Віленскай мынцы не адразу, а каля 1522 года, калі з'яўляюцца манеты з дэфектамі біцця, характэрнымі для яго выкарыстання (пра гэта ніжэй).

Наступным этапам была праверка адпаведнасці вагі кружкоў норме. Для паўгрошаў тарнаваўся прынцып "al-marco", што азначала абавязанне выбіць канкрэтна вызначаную колькасць манетаў з грыўні срэбра, без аглядкі на вагу кожнае манеты асобна. Так, з грыўні брутта норма выхаду складала 158 паўгрошаў.

Расфасаваныя па партыях кружкі выбельваліся і паліраваліся. Рэдчыня манетаў Жыгімонта Старога, якія б мелі люстраны бляск, сведчыць аб недасканаласці тагачаснае тэхналогіі аперацыі паліравання.

Апошняя аперацыя - выбіццё альбо прэгаванне, выконвалася малатковай методыкай. Сподні штэмпель (у нашым выпадку негатыў рэверсу - мы ўбачым гэта пазней) замацоўваўся ў цяжкім бервяне (што было абумоўлена ягонымі амартызацыйнымі ўласцівасцямі) і заставаўся нерухомы. На яго клаўся манетны кружок, да якога згары прыкладаўся другі штэмпель. Па рукаятцы апошняга і наносіўся выцень малатком.

Характэрнымі дэфектамі біцця паўгрошаў менаванай методыкай ёсць:

  1. Падвойнае адбіццё:
    • абодвух бакоў мала пасунутымі адбіткамі штэмпеляў у выніку адскоку вышняга штэмпеля (мал. 1).

      Мал. 1. Падвойнае адбіццё манеты, выкліканае адскокам штэмпеля

      Гэта магло адбывацца, калі сподні штэмпель замацоўваўся не ў бервяне, а ў металёвай аснове, якая не забяспечвала патрэбную амартызацыю.
    • толькі рэверсу, калі пры выбіцці манета засталася ў штэмпелі і дзеля таго, каб адчапіць яе, майстар прыклаў вышні штэмпель яшчэ аднойчы, вядома, не трапляючы дакладна ва ўжо адбіты малюнак, і другі раз выцяў малатком. Такі эфект магчымы і ў выпадку, калі майстар, адняўшы вышні штэмпель, адразу заўважаў пэўны хіб у ягоным адбітку і дзеля яго выпраўлення цяў яшчэ раз. Гэткія дэфекты сустракаюцца рэдка, што можна патлумачыць высокай ступеняй "аўтаматычнасці" працы майстра, для якога адначасовыя праверкі якасці сваёй работы былі б неэфектыўнымі.
    • абодвух бакоў моцна пасунутымі адбіткамі штэмпеляў у выніку паўторнага вытню па няўдала выбітай манеце (мал. 2).

      Мал. 2. Манета, адбітая двойчы з выразнымі слядамі першага адбітку на аверсе

      Верагодна, што вынікі працы прэгера падлягалі выхадному кантролю якасці і найменш удалыя адбіткі вярталіся на папраўку. Майстры, якія перабівалі бракаваныя кружкі, не марнавалі часу на тое, каб дакладна трапіць у малюнак першага адбітку, што зразумела, бо ў выпадку ідэальнае моцы і дакладнасці другога, першы адбітак ставаў нябачны. Аднак тае самае дакладнасці і моцы ім не заўжды ставала, сведкамі чаго ёсць манеты з моцна пасунутымі восямі абодвух адбіткаў, і нават такія, дзе кожны з бакоў нясе часткі выяваў і аверсу, і рэверсу. Апошні факт пацвярджае і тое, што хібы на манетах выпраўляліся не адразу, а пасля кантролю. Паўгрошы з "гатычным" дызайнам (бітыя да 1519 года) маюць гэты дэфект нашмат часцей за паўгрошы больш позніх эмісіяў, што сведчыць пра пэўныя тэхналагічныя перабудовы ў мынцы ў гэтым ці папярэднім яму годзе.
  2. Аднабаковыя манеты тыпу "пазытыў/негатыў" (мал. 3), з добрым адбіткам нерухомага штэмпеля (рэверс) і з чэзлым негатыўным адбіткам гэтага ж штэмпеля на другім баку.

    Мал. 3. Манета тыпу "пазытыў/негатыў"

    Гэта адбывалася, калі манета заставалася ў вышнім штэмпелі і адпадала, толькі калі прэгер біў наступную. У выніку на апошняй адбіваўся толькі рэверс, а замест аверсу атрымліваліся відарысы рэверсу папярэдняе манеты. Такія хібы дапамаглі нам вызначыць, які штэмпель быў для паўгрошаў рухомым.


  3. Мясцова неадбітыя манеты (мал. 4). Яны паўставалі, калі прэгер няроўна прыкладаў вышні штэмпель.

    Мал. 4. Манета, мясцова неадбітая

    Такім чынам, моц ягонага вытня нераўнамерна размяркоўвалася па полі манеты, што прычынілася да адсутнасці малюнку з абодвух бакоў. Паўгрошы з не дужа завялікім неадбіткам звычайна не адкідаліся кантролем.


  4. Манеты, неадбітыя па дыяметры (мал. 5). Утвараліся на манетным кружку, які быў нязначна выгнуты пад прабойнікам. Падчас прэгавання кружок раўняўся, але штэмпель прыкладаўся да розных бакоў манеты нераўнамерна. Паўгрошы з такімі хібамі вядомыя пераважна з 1522--1529 гадоў.

З іншых аспектаў выбіцця манетаў малатковай тэхнікай варта адмеціць, што восі аверсу і рэверсу ніколі адмыслова не вытрымліваліся. Гэта добра відаць па месцах неадбітасцяў (мал. 4). Выбіццё вялікае колькасці манетаў вымагала ўсталявання некалькіх паралельных працоўных месцаў прэгераў.

Мал. 5. Манета з неадбітасцямі па дыяметры

Найбольш тонкаю працай у мынцы было выразанне штэмпеляў. Таму мынцмайстры часта выкарыстоўвалі пунсоны з пазытыўнымі выявамі асобных элементаў малюнку манеты. За дапамогай пунсонаў на штэмпель наносіліся літары, лічбы, знакі, абводкі, дзяржаўныя гербы. Пасля гэтага мынцмайстру заставалася толькі падправіць калі трэба драбніцы і штэмпель быў гатовы да ўжытку.

 

 

4. Параўнальны аналіз дызайну літоўскіх паўгрошаў з дызайнам тагачасных манетаў краін-суседзяў

У адрозненне ад манетаў Аляксандра Казіміравіча літоўскія паўгрошы Жыгімонта Старога стылістычна мала розняцца ад каронных. Гэта сталася ў выніку цэнтралізацыйнае палітыкі караля, праз якога праводзілі ўніфікатарскія задумы вярхі польскае дзяржавы. Натыкаючыся на адпорнасць вярхоў ВКЛ, Жыгімонт мусіў ісці на саступкі, як у выпадку з стапой манетаў, але польская партыя разумна выкарыстоўвала свае перавагі, мэтанакіравана пасоўваючы пазыцыі літоўскіх паноў-рады ў драбніцах.

Як уладар манетнае рэгаліі, кароль і вялікі князь мог цалкам кантраляваць ідэалагічныя аспекты працы мынцы, што мы і бачым пазней у выпадку выбіцця здзеклівых у дачыненні да супраціўнікаў уніі траякоў ягоным сынам Жыгімонтам Аўгустам. Менавіта з гэтай нагоды ў 1509 годзе існавалі 2 праекты дызайну паўгрошаў.

Першы з іх (мал. 6) не быў раней апісаны ў нумізматычнай літаратуры.

Мал. 6. Паўгрош літоўскі 1509 года. Варыянт з похвай (тып 1)

Ён выкананы хіба на вышэйшым мастацкім роўні, акуратна прарысаваная постаць вершніка, апошні мае похву для меча, традыцыйную для Пагоні з часоў Аляксандра. Рагі крылаў арла выгнутыя ўгару, у адрозненне ад выяваў на літоўскім паўгрошы другога тыпу (мал. 7), глогаўскім грошы (мал. 8) і каронным паўгрошы Жыгімонта (мал. 9). Раздзяляльнікамі словаў у легендзе тыпу І ёсць адзінкавыя колцы, як і на даўнейшым аляксандравым паўгрошы (мал. 10), а для тыпу ІІ - падвойныя, ўласцівыя польскім эмісіям.


Мал. 7. Паўгрош літоўскі 1509 года (тып ІІ)

Яшчэ адна асаблівасць першага тыпу паўгроша 1509 года, якая лучыць яго з паўгрошамі Аляксандра, - крыж з аздобна выгнутымі канцамі, у той час як другі тып і польскія манеты маюць просты, неаздобны крыж. Разам з гэтым выява Пагоні на абодвух манетах ужо зусім іншая. За яе прататып можна абраць выяву з глогаўскага гроша Жыгімонта.

У якасці шрыфта ў абодвух варыянтах абраны готык, незважаючы на рэнесансавы шрыфт каронных эмісіяў і распаўсюджанасць паўгрошаў Аляксандра з гэтым шрыфтом. На гэты выбар магла паўплываць звыкласць пісьменных карыстальнікаў манеты да готыкі ў краіне, галоўным сродкам абарачэння ў якой яшчэ так нядаўна быў вылучна гатычны праскі грош (мал. 11).

Мал. 8. Грош глогаўскі Жыгімонта Старога 1506 года

Рэканструяваць падзеі можна наступным чынам: маючы прыклады глогаўскага гроша і кароннага паўгроша, якія былі выбітыя да 1508 года, Жыгімонт запрасіў новага майстра з сваім камплектам пунсонаў з Нямеччыны, які і падрыхтаваў штэмпель пробнага паўгроша 1508 года. Верагодна, гэта была адзінкавая замова, пра што сведчыць выкшталчаная праца і адменны крой гатычнае літары A ў гэтай манеце, які не паўтараўся потым у паўгрошах аніколі. У гэты час готык шырока тарнаваўся ў дызайне манетаў як Тэўтонскага Ордэну (мал. 12), гэтак і іншых дзяржаваў нямецкамоўнага свету (мал. 13). Манетныя майстры Заходняй Еўропы ўмелі выконваць высокамастацкія штэмпелі (яшчэ адзін прыклад на мал. 14), але Жыгімонт абмежаваўся замовай даволі простага дызайну паўгроша дзеля невялікага памеру манеты і, у першую чаргу, аднастайнасці з кароннымі эмісіямі.

Штэмпелі для паўгрошаў з 1509 года налета рэзалі ўжо майстры з Сілезіі ці Кракава, а таксама засталыя ў мынцы з часоў Аляксандра. Апошнія і кіраваліся ў працы даўнейшай традыцыяй, ужываючы адзінкавыя колцы ў якасці раздзяляльнікаў і выразаючы вершніка з похвай, а першыя дакладна следавалі узорнаму штэмпелю з 1508 года. Рэдчыня тыпу І паўгроша 1509 году можа сведчыць пра тое, што неўзабаве ідэалагічнае свавольства віленскіх майстроў было абмежаванае і загадана дакладна кіравацца прыкладам штэмпеля 1508 года. Эмісіі наступных гадоў за зусім невялікімі выняткамі следавалі гэтай пастанове.

Мал. 9. Паўгрош польскі Жыгімонта Старога 1507 года

 







Мал. 10. Паўгрош літоўскі Аляксандра 1492--1506 гадоў





 

 

Мал. 11. Грош праскі Уладзіслава пачатку XVI стагоддзя











Мал. 12. Грош крыжацкі Фрыдрыка 1498--1510 гадоў





 


Мал. 13. Бацэн (вага 3 г) зальцбурскі Леанарда Койтшаха 1511 года









Мал. 14. Грош ніскі (м. Ніса) Яна Турзо 1507 года







 

У 1518 годзе быў часткова ўведзены рэнесансавы шрыфт, які канчаткова запанаваў у дызайне паўгрошаў з 1520 года.

Натуральна, нічога супольнага не меў ўжо выгляд паўгрошаў з сучаснымі ім маскоўскімі манетамі (мал. 15). Мынцарства ВКЛ на заходні лад было рэфармаванае яшчэ за Аляксандрам, што спрыяла "апалячванню" літоўскіх манетаў і страце імі свайго адметнага заходнерускага аблічча.

Мал. 15. Дзяньга (вага 0,4 г) Маскоўская, пачатак XVI стагоддзя

 





           5. Памылкі разьбяроў і спробы іх выпраўлення

Паўгрошы Жыгімонта Старога надзвычай багатыя на памылкі ў легендах. У пяцёх простых словах (MONETA SIGISMVNDI / MAGNI DVCIS LITVANIE) такія кваліфікаваныя мынцмайстры, як граверы, дапусцілі неймаверную колькасць хібаў. Найболей "надалося" князю. Яго пісалі і як SIGISMVANDI (мал. 16), і як SIGIS:MVNDI, SIGISMVND, SIGISMVDI, SIGISMVNIDI, SIGISMVNI, SIGISMVNDIE (мал. 17).

Мал. 16. Паўгрош 1520 года з памылкай у слове SIGISMVNDI


 

Вельмі часта блыталіся канчаткі словаў SIGISMVNDI і LITVANIE. Даходзіла і да зусім смешнага, калі замест назову краіны змяшчалі незразумелы сурагат гэтых двух словаў (мал. 17) -- MVANDIE.



Мал. 17. Паўгрош 1521 года з памылкамі ў словах SIGISMVNDI і LITVANIE

Усё гэта сведчыць пра непісьменнаць часткі гравераў ці іх вучняў, якія наносілі легенды, і адсутнасць належнай увагі з боку кіраўніцтва. Несувымерна большая колькасць памылак пачынае з'яўляцца з 1519 года пасля канчыны Абрама Езафовіча. Відавочна, ягоная смерць паслабіла кантроль за працай разьбяроў, да таго ж мог дацца ў знакі новы незнаёмы для гравераў рэнесансавы шрыфт. Адвернутая літара И замест N сустракаецца ледзьве не ў палове манетаў. Гэтак, на паўгрошы 1518 года, выкананым камбінацыяй штэмпеляў з гатычным аверсам і рэнесансавым рэверсам (мал. 18), літара M ў слове MAGNI была утвораная спосабам накладання пунсону N і яго адвернутага варыянту И. Затым вынаходлівы разьбяр паспрабаваў абскубаць непатрэбныя лініі у дольняй частцы літары, але зрабіў гэта вельмі неахайна. Такім чынам, патрэбы выбіцця вялікае колькасці манетаў прычыніліся нават да таго, што штэмпелі пачыналі рэзаць у той час, калі не быў гатовы цэлы камплект пунсонаў і рабілі гэта ў спешцы.

Мал. 18. Паўгрош 1518 года гатычна-рэнесансавы і фрагмент з літарай М, выцісненай парай пунсонаў N і И

Не заўсёды разьбяром удавалася здаць сваю працу з вялікай колькасцю заганаў. Іх папраўлялі і даводзілася пераразаць асобныя дзялянкі штэмпеля. Паўгрош 1519 года (мал. 19) быў першапачаткова выкананы ажно з трыма памылкамі (і то зачыняючы вочы на адвернутую літару N) - SIGISMVND, MONEA і LITVNIE. Першую з іх пакінулі верагодна дзеля яе нязначнасці (фактычна імя ўладара было напісанае правільна, але ў неадпаведнай форме). У слове MONEA літару А перагравіравалі на Т, а раздзяляльным двукроп'ем давялося ахвяраваць дзеля А. Памылка была збольшага выпраўленая. Але схібіў гравер і на рэверсе, прыклаўшы пунсон N пасля V у слове LITVANIE. Балазе, упушчэнне было хутка заўважанае і выпраўленае.

Мал. 19. Паўгрош 1519 года і фрагменты легенды, перацісненыя разьбяром дзеля зробленых памылак

Раздзяляльнікі таксама не мелі трывалай улегцы, чаму сведчаннем можа быць прыклад паўгрошу 1519 года (мал. 20). Аверс манеты быў выкананы з памылкаю (MONEA), але яе пакінулі без выпраўлення. У гэты ж час штэмпель рэверсу мусіў стрываць пераробку. Гравер пачаў рэзаць легенду MAGNIDVCI і пасля апошняе літары заўважыў адсутнасць двукроп'я. Не зленаваўшыся замазаць палову літары D, ён усё ж такі не зрабіў яе чымсьці падобным да стандартнага раздзяляльніку. Наступныя тры літары VCI былі замененыя на DVC з пераменным поспехам. Далей майстар працаваў беспамылкова.

Мал. 20. Паўгрош 1519 года і фрагмент легенды, пераціснены разьбяром дзеля зробленай памылкі

Такім чынам, разьбяры мусілі працаваць у вялікай спешцы і благіх умовах альбо мець невысокую ступень адукаванасці (асабліва нязвыклым для іх быў няновы ўжо рэнесансавы шрыфт). Кіраўніцтва мынцы таксама не было здольным ці не жадала наладзіць адпаведны кантроль правільнасці штэмпеляў. Да майстроў нават не была паслядоўна даведзеная інфармацыя якія памылкі - у словах ці раздзяляльніках -- варта абавязкова выпраўляць. Пра хаос у галовах гравераў сведчыць і той факт, што манеты з некаторымі памылкамі (як SIGISMVANDI у 1520-1521 гадах і MONEA у 1528 годзе) складаюць вельмі значны адсотак вядомых сёння экзэмпляраў.

Складваецца ўражанне, што асобныя майстры маглі лічыць гэткія напісанні за правільныя. Яскравым прыкладам ёсць паўгрош 1520 года (мал. 21). На ягоным аверсе княскае імя перагравіраванае з SIGISMVNDI на SIGISMVANDI, пры гэтым ахвяравана двукроп'ем, якое падзяляла апошняе слова легенды і дату.

Мал. 21. Паўгрош 1520 года і фрагмент легенды, пераціснены разьбяром з правільнага на памылковы

Колькасць памылак, якія панавалі перш за ўсё ў 1519--1523 гадах, змяншаецца ў 1524 годзе (вядомая толькі адна). За два наступныя гады памылковыя штэмпелі не сустракаюцца, але яны ізноў пануюць у заўважнай колькасці ў трох апошніх гадах выбіцця паўгрошаў. Гатычныя манеты з няправільнымі легендамі вельмі рэдкія пры іх агульнай колькасці, большай за рэнесансавыя. Варта зазначыць, што больш за 50 адсоткаў памылак на гатычных паўгрошах прыпадае на апошні год іх выбіцця - 1518, што засцерагае ад звязання росту памылак толькі і вылучна з заменай шрыфту. Рызыкну сцвярджаць, што галоўным чыннікам усё ж былі структурныя змены ў мынцы з адыходам ад спраў Абрама Езафовіча. Гэта пацвярджае і вышэйзгаданая змена аднае характэрнае памылкі прэгавання другой.

6. Псуццё манеты на мынцы

Афіцыйная стапа паўгрошаў за Жыгімонта Старога не мянялася. Нават болей, яна існавала з часоў Аляксандра і працягвала існаваць па смерці вялікага князя. Аналіз вагі сотні паўгрошаў паказвае стабільную лічбу каля 1,17 грама, а з дадаткам 5 адсоткаў на зужыццё гэта амаль 1,23 грама, што вельмі блізка да вагавага нарматыву іх выбіцця (каля 1,25 грама). Гэта цверджанне справядлівае як для перыяду Езафовіча, гэтак і для аднаасобнага кіравання Гозэ.

Легкаважныя экзэмпляры паўгрошаў амаль не сустракаюцца. Такім чынам, галіна кантролю за вагавай адпаведнасцю манетаў ардынацыі на віленскай мынцы была добра наладжаная. Афіцыйнага псуцця паўгрошаў не існавала. Падобная сітуацыя і з іхняй пробай. Відавочна, што стабільнасць запланаванага прыбытку і эканамічная раўнавага краю была для ўладаў нашмат важнейшая за чысціню рэпрэзэнтатыўнага чынніку. Гэткае яго ўлегцыменне сведчыць аб ужо заўважным заняпадзе старажытнабеларускае дзяржавы, бачным праз заняпад асобнага яе інстытуту. Асабліва гэта праявілася пачынаючы з 1518 года, калі падскарбі Езафовіч перастаў ім апеквацца.

Мал. 22. Паўгрош 1512 года з пасрэбранае медзі і памылкай у слове LITVANIE

Вядомы тагачасны медзяны паўгрош, пакрыты срэбрам (мал. 22). Ровень яго выканання і крой элементаў дызайну не пакідае сумневаў у тым, што ён быў выбіты штэмпелем, выгравіраваным разьбяром-адмыслоўцам. Штэмпель мае памылку ў слове LITVANIE (прапушчаная літара I). Гэтая акалічнасць дазваляе прыпусціць, што фальсыфікат быў выкананы працаўніком мынцы альбо асобай, якая купіла ў апошняга штэмпель, спісаны з прычыны яго памылковасці. Вага манеты 1,31 грама.

Гэткія фальсыфікаты варта аддзяляць ад іншых тагачасных фальсыфікатаў, вырабленых без звязку з мынцай шляхам недакладнага наследавання (мал. 23).

Мал. 23. Паўгрош - тагачасны фальсыфікат

Далейшыя знаходкі і публікацыя падобных манетаў маглі б праліць святло на ступень злоўжыванняў сярод працаўнікоў Віленскае мынцы і характар кантролю за дакладнасцю штэмпеляў. Таксама неабходна працягнуць даследванні іншых варункаў яе працы дзеля канчатковага адказу на пытанне пра значэнне колцаў у канцах легендаў і іншых месцах на паўгрошах.



Спіс жаролаў

  1. Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя ў 2 т. Том 1. Мінск 2005.
  2. М. Ермаловіч "Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае". Мінск 2000.
  3. M. Gumowski "Mennica Wilenska w XVI i XVII wieku". Warszawa 1921.
  4. В. Рябцевич "Нумизматика Беларуси". Минск 1995.
  5. М. Котляр "Грошовий обіг на теріторіi Украiни доби феодалізму". Киiв 1971.
  6. A.M. Kuzmin "Organizacja mennic i techniki mennicze w Polsce XVI--XVII w".
  7. Jiri Hana "Mincovni technika - mincovni stroje" (http://www.sweb.cz/numismatic).
  8. Матэрыялы сайту www.wcn.pl.
  9. Матэрыялы сайту www.webmedia.pl/pda.
  10. E. Ivanauskas, R. Douchis "Lietuvos monetu kalybos istorija 1495--1769". Vilnius 2002.
  11. E. Ivanauskas, R. Douchis "Coins of Lithuania 1386--1707". Vilnius 1999.